Covenant Protestant Reformed Church
Bookmark and Share

Атаназыйскі Сымбаль Веры

 

Xтоколечы жадае быць збаўленым, павінны перадусім трымацца Каталічнай* веры;

той, хто не захоўвае яе ў цэласьці і непарушнасьці, несумніўна загіне назаўжды.
I. Вера Каталічная* ёсьць гэткая: мы пакланяемся адзінаму Богу ў Тройцы, і Тройцы ў адзінстве,

ня блытаючы Асобы [Тройцы] і не падзяляя [Боскую] Сутнасьць.

Бо адна Асоба – Айцец, іншая – Сын, а іншая – Дух Сьвяты.

Але адзным ёсьць Боства Айца і Сына і Духа Сьвятога, роўнае ў славе і вечнае ў велічы.

Які Айцец, гэткі й Сын, гэткі й Дух Сьвяты:

няствораны Айцец, няствораны Сын, няствораны Дух Сьвяты;

бясконцы Айцец, бясконцы Сын, бясконцы Дух Сьвяты;

вечны Айцец, вечны Сын, вечны Дух Сьвяты;

І аднак ня тры вечныя, але Адзін Вечны;

гэтаксама як ня тры няствораныя і ня тры бясконцыя, але Адзін Няствораны і Адзін Бясконцы.

Падобным чынам, Айцец усемагутны, Сын усемагутны і Дух Сьвяты ўсемагутны;

і аднак ня тры ўсемагутныя, але Адзін Усемагутны.

Гэтак Айцец – Бог, Сын – Бог,  Дух Сьвяты – Бог;

і аднак няма трох багоў, але Бог ёсьць адзін.

Гэтак, Айцец ёсьць Панам, Сын ёсьць Панам, Дух Сьвяты ёсьць Панам,

і аднак няма трох паноў, але Пан адзін.

Бо як Хрысьціянская праўда вымагае, каб мы вызнавалі кожную з Асобаў Богам і Панам, гэтаксама Каталічная* рэлігія забараняе казаць аб трох багох або трох панох.

Айцец нікім ня зроблены, ня створаны, не народжаны.

Сын ёсьць толькі ад Айца, нязроблены, няствораны, але народжаны.

Дух Сьвяты ёсьць ад Aйца і Cына, нязроблены, няствораны, ненароджаны, але які паходзіць.

Таму ёсьць адзін Айцец, а ня тры айцы; адзін Сын, а ня тры сыны; адзін Дух Сьвяты, а ня тры духі сьвятыя.

І ў гэтай Тройцы няма папярэдняга або наступнага, няма большага або меншага:

але ўсе тры Асобы між сабою спаўвечныя і спаўроўныя, і гэтак ва ўсім, як сказана вышэй, пакланеньне належыцца Тройцы ў адзінстве і адзінству ў Тройцы.

Гэтак павінны меркаваць аб Тройцы той, хто жадае быць збаўленым.
II. Але дзеля вечнага збавеньня неабходна  таксама шчыра верыць ва ўцелаўленьне Пана нашага Езуса Хрыста.

Таму правая вера гэта тая, калі мы верым і вызнаем, што Пан наш Езус Хрыстус, Сын Божы, ёсьць Богам і чалавекам: 

Ён Бог, спароджаны з сутнасьці Айца перад усімі вякамі, і чалавек, народжаны з прыроды сваёй маці ў пэўны час;

Дасканалы Бог і дасканалы чалавек, з разумнаю душою і чалавечым целам;

роўны Айцу ў Сваёй боскасьці, але меншы за Айца ў Сваёй чалавецкасьці.

Хаця Ён і Бог і чалавек, але існуе толькі адзін Хрыстус, а ня два;

адзіны аднак ня шляхам пераўтварэньня боскасьці ў цела, але праз прыняцьцё чалавецкасьці Богам;

зусім адзіны, не ў зьмяшэньні сутнасьцяў, але ў адзінстве Асобы [Сына].

Бо як цела і разумная душа гэта адзін чалавек, гэтак Бог і чалавек гэта [адзіны] Хрыстус.

Ён пацярпеў дзеля нашага збавеньня, сыйшоў у пекла, і на трэці дзень уваскрос зь мёртвых;

узьняўся ў нябёсы, сядзіць па правай руцэ Бога Айца Ўсемагутнага; адтуль прыйдзе судзіць жывых і мёртвых.

П��ы Яго прыходзе ўсе людзі паўстануць у сваім целе і дадуць адказ за свае ўчынкі;

і тыя, хто чыніў дабро, увойдуць у жыцьцё вечнае; а чыніўшыя зло пойдуць у агонь вечны.

Гэткая ёсьць Каталічная* вера, а хто паводле яе шчыра і цьвёрда ня верыць, той ня можа быць  збаўлены.

 

* Слова "Каталічная" – Catholica – значыць "уласьцівая ўсёй Паўсюднай Хрысьціянскай Царкве" (параўн. царкоўна-славянск. 'Кафолическая Церковь').

 

Для доступа к другим материалам на рус. языке, щелкните здесь.